У Петрыкаўскім раёне прайшла прафсаюзная акцыя “Павіншуем маму разам!”
У 2015 годзе ініцыятарам правядзення гэтага святочнага флэшмобу стаў Маладзёжны савет Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. З таго часу штогод маляўнічыя паштоўкі атрымліваюць больш за мільён жанчын.
З 12 па 18 кастрычніка можна падпісаць віншавальны ліст самаму дарагому чалавеку. Першасныя прафсаюзныя арганізацыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна падрыхтавалі для гэтага паштоўкі, аздобіўшы месцы правядзення акцыі выставамі творчасці і віншаваннямі. Затым штодзень паштоўкі ў канвертах прафсаюзныя актывісты накіроўваюць па пазначаных адрасах.
Кожная арганізацыя знайшла асаблівы спосаб дапоўніць спіс святочных падзей да Дня маці. У Петрыкаўскім лясгасе месца правядзення акцыі аздобілі дэкаратыўнай паштовай скрыняй, кампазіцыямі з архідэй, створанымі рукамі бухгалтара Залескага лясніцтва Наталлі Лазаравай.
Пра правядзенне віншавальнай акцыі ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паведамляецца з інфармацыйнага стэнда, які сустракае кожнага наведвальніка ўстановы.
У аддзяленні ААТ “ААБ Беларусбанк” напярэдадні свята быў праведзены конкурс малюнкаў і вырабаў дэкаратыўна-мастацкай творчасці сярод супрацоўнікаў і іх дзяцей. Пераможцы атрымаюць ад першаснай прафсаюзнай арганізацыі частаванні. У сувязі з абмежаваннем на правядзенне масавых мерапрыемстваў сёлета не правялі тут традыцыйных святочных праграм з запрашэннем дзяцей. Але віншаванні атрымалі ўсе жанчыны, а для тых, хто хутка стане матулямі, прафсаюз падрыхтаваў спецыяльныя падарункі.
Больш за 100 паштовак адправіў адрасатам прафсаюз Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. Указальнікі пра месца правядзення акцыі замацаваны паўсюль і ўдала інфармуюць усіх супрацоўнікаў Нацпарка. Да того ж плакаты і банеры з віншаваннямі размешчаны літаральна на кожным стэндзе.
Прафсаюзны камітэт УП “Палессе-Аграінвест” у Дзень маці пачаставаў кожную жанчыну прадпрыемства салодкім падарункам і арганізаваў частаванне з віншаваннямі ад членаў адміністрацыі.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.