Перадавы вопыт: прафсаюзная арганізацыя Петрыкаўскага лясгаса

Арганізацыя аздараўлення, эксурсійнай дзейнасці і карыснага правядзення вольнага часу працаўнікоў – задачы, якія ставіць перад сабой прафсаюз увогуле і кожная першасная прафсаюзная арганізацыя, у прыватнасці. На кожным прадпрыемстве створаны свае традыцыі, пра якія варта расказваць.

Трывалая сістэма падтрымкі членаў першаснай прафсаюзнай арганізацыі Петрыкаўскага лясгаса замацавана ў тым ліку і калектыўным дагаворам, заключаным паміж наймальнікам і прафсаюзам.

 

Калектыў першаснай прафсаюзнай арганізацыі намнога перавышае колькасць працуючых, бо ветэраны працы застаюцца на прафсаюзным уліку і пасля выхаду на адпачынак. Такіх тут 131 чалавек. І на іх распаўсюджваецца дзеянне нормаў дагавору.

 

Гэту інфармацыю паведаміла старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі лясгаса Кацярына Цішкевіч.

 

На прадпрыемстве ведаюць, што добры адпачынак садзейнічае працаздольнасці кожнага работніка.
Калектыўным дагаворам прадугледжана сістэма кампенсацый работнікам кошту санаторна-курортнага лячэння ў здраўніцах “Белпрафсаюзкурорту”. Памер кампенсацыі залежыць ад стажу працы ў галіне і ад асаблівых паказчыкаў у працы. Напрыклад, калі працоўны стаж у лясной гаспадарцы не перавышае пяці гадоў, то кампенсацыя кошту пуцёўкі ў санаторый складзе 5%, а калі стаж перавышае 15 гадоў, то і кампенсацыя адпаведна будзе 30%.

 

Для тых супрацоўнікаў, хто па выніках работы за год заносіцца на Дошку гонару, наймальнік кампенсуе расходы на аздараўленне ў памеры 55%, а прафсаюз – 45%.

 

– Акрамя, здаецца, традыцыйных на кожным прадпрыемстве, каляндарных і прафесійных святаў, нашым прафсаюзам арганізуюцца экскурсійныя паездкі, – расказала Кацярына Цішкевіч. – Арганізаваны сямейныя экскурсіі для калектыву лясгаса ў мінскія дэльфінарый і заапарк, батанічны сад, мемарыяльны комплекс “Хатынь” і на Курган Славы. Была арганізавана паездка ў Адэсу на адпачынак для 92 чалавек. Аматарам спорту мы дапамаглі наведаць Другія Еўрапейскія гульні і лёгкаатлетычныя гульні, што праходзілі ў Мінску.

 

Скарысталіся магчымасцю адпачынку і на Петрыкаўшчыне: былі экскурсіі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза, у Музей прыроды і ў сафары-парк.

 

Трэба адзначыць, што і фізкультурны напрамак у лясгасе знайшоў шырокае кола прыхільнікаў. Нязменна ў раённых спаборніцтвах прадпрыемства прадстаўляе свае каманды. З аддзелам спорту райвыканкама заключаны дагавор на наведванне работнікамі лясгаса спартыўных аб’ектаў горада, для гэтага вызначаны час у графіках работы спартыўных залаў.

 

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шчэрбак пазначыла, што арганізацыя аздараўлення і адпачынку работнікаў лясгаса варта найвышэйшай адзнакі. Прадпрыемства знаходзіць фінансавыя магчымасці для такіх выдаткаў, разумеючы, што адпачынак работнікаў – залог паспяховай і плённай працы.

 

Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі было прынята рашэнне пра тое, што 10% сродкаў, якія акумуліруюцца ў касах узаемадапамогі, павінны накіроўвацца менавіта на турысцка-экскурсійную дзейнасць.

 

– Сістэма здраўніц Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сёлета складаецца з 13 санаторыяў на 5 тысяч месцаў, – акцэнтавала ўвагу Галіна Шчэрбак на тэме санаторна-курортнага лячэння. – Іх лячэбна-дыягнастычная база даўно склада канкурэнцыю аналагічным базам з суседніх краін. Наш брэнд – прымяненне прыродных лячэбных фактараў, гаючы клімат, мінеральныя воды, гразелячэнне. Шырокі выбар санаторыяў задаволіць кожнага, хто мае праблемы з органамі дыхання, стрававання, сістэм кровазвароту, косна-мышачнай і злучальных тканак, нервовай сістэмы. Сёння для нашых здраўніц склалася складаная сітуацыя: яны згубілі замежных кліентаў, у тым ліку на якіх былі разлічаны магутнасці санаторыяў. Цяпер мы разам павінны іх падтрымаць. І не толькі з пачуцця салідарнасці.

 

Большасць членаў прафсаюзаў сёння мае патрэбу ў санаторным аздараўленні. Але ніяк не можа прыняць для сябе такое рашэнне. Заклікаю актывы прафсаюзаў правільна данесці інфармацыю, якой, магчыма, не хапае нашым працуючым, каб яны больш увагі надалі цяпер свайму здароўю.

Падрыхтавала Алена БРУЦКАЯ.
На здымках: члены прафсаюзнай пярвічкі лясгаса.

 

Да ведама

Санаторыі сістэмы “Белпрафсаюзкурорт”

 

Мінская вобласць

  • Санаторый “Беларусачка” – хваробы органаў дыхання і стрававання.Санаторый “Крыніца” – сістэма кровазвароту, органы дыхання, стрававання, нервовая сістэма.
  • Санаторый “Нарач” – сістэма кровазвароту, органы стрававання.
  • Санаторый “Нарачанскі бераг” – сістэма кровазвароту, органы стрававання.
  • Турыстычны комплекс “Нарач” – сістэма кровазвароту, органы дыхання, косна-мышачная і злучальная тканкі.

 

Гомельская вобласць

  • Санаторый “Прыдняпроўскі” – косна-мышачная і злучальная тканкі, жаночая палавая сістэма, перыферычная нервовая сістэма.
  • Санаторый “Чонкі” – косна-мышачная і злучальная тканкі, органы дыхання і стрававання, перыферычная нервовая сістэма.