Арганізацыя аздараўлення і адпачынку была разгледжана на пасяджэнні савета раённага аб’яднання прафсаюзаў

Пасяджэнне Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў прайшло дняна гэты тыдні ў Петрыкаве.

Сярод разгледжаных пытанняў быў аналіз выканання задач, пастаўленых перад прафсаюзамі, у тым ліку ў сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі, азнаямленне з прапановамі па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, арганізацыя аздараўлення і адпачынку членаў прафсаюзаў.

У ходзе пасяджэння пастановай былі ўнесены змяненні ў склад Савета ў сувязі з кадравымі змяненнямі. Адзінаццаць нованазначаных старшынь першасных прафсаюзных арганізацый увайшлі яго склад.

У сакавіку сёлета Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі пасля з’езду былі вызначаны асноўныя накірункі работы ва ўмовах пандэміі і аператыўна прымаліся меры па іх рашэнні. Што было зроблена ў раёне, у сваім выступленні расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шчэрбак.

У касу ўзаемадапамогі раённага аб’яднання паступіла больш за 3 тысячы рублёў. Гэтыя сродкі былі накіраваны на закупку дэзінфікуючых сродкаў і сродкаў індывідуальнай абароны для работнікаў устаноў аховы здароўя, гандлю, інтэрнатаў, прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.

Два медыцынскія работнікі з ліку захварэлых на COVID-19 атрымалі матэрыяльную дапамогу на суму 1,2 тысячы рублёў.

Галіна Шчэрбак акцэнтавала ўвагу старшынь першасных прафсаюзных арганізацый на пытанні, якія могуць узнікнуць на месцах у час неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі ў сувязі з занятасцю і выплатай заработнай платы. Пры складанай сітуацыі ў сем’ях нельга пакідаць членаў сваіх прафсаюзаў без дапамогі.

У сваім выступленні старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў назвала тыя пазіцыі з пакета прапаноў Федэрацыі прафсаюзаў, якія былі падтрыманы ўрадам па змяненнях у дзейнасці асобных галін эканомікі і людзей у гэтых складаных умовах. З непрынятымі пытаннямі ФПБ плануе звяртацца непасрэдна да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

ФПБ адстаяла норму ў абноўленым працоўным кодэксе пра нераспаўсюджванне дзеяння калектыўнага дагавору на тых працуючых, хто не з’яўляецца членам прафсаюза, тым самым матывуючы работнікаў да ўступлення ў прафсаюзныя аб’яднанні. На ўзроўні раёна таксама будзе вырашацца пытанне ўключэння новага парадку распаўсюджвання нормаў калектыўнага дагавору ў раённае і тарыфнае пагадненне, у калектыўныя дагаворы. Гэта дапаможа ўзмацніць прафсаюзныя арганізацыі.

Галіна Шчэрбак таксама акцэнтавала ўвагу на нестабільнай палітычнай сітуацыі ў краіне, заклікала ўдзельнікаў пасяджэння да прадуктыўнай работы па захаванні дасягненняў краіны за апошнія дзесяцігоддзі: захаваць працоўныя месцы, развіваць вытворчасці, тым самым падтрымаць дабрабыт працуючых.

– Сёння мы сутыкнуліся з ростам захваральнасці на каранавірусную інфекцыю. У гэтых умовах неабходна сумесна з наймальнікамі працаваць над забеспячэннем бяспечных умоў працы работніка, – акцэнтавала ўвагу Галіна Шчэрбак.

У працяг гэтага найважнага цяпер пытання пра арганізацыю работы ў сваіх установах у перыяд пандэміі расказалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Басюк і старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі ДРАЦ “Пціч” Ірына Сцяпук.

Тамара Басюк паведаміла, што больш за 6 тысяч рублёў са сродкаў іх прафсаюзнага бюджэту былі накіраваны на набыццё дэзінфікуючых сродкаў, аказанне матэрыяльнай дапамогі 52 членам прафсаюза і 8 ветэранам педагагічнай працы. 1,2 тысячы рублёў былі пералічаны работнікам устаноў, якія перанеслі каранавірусную інфекцыю. Пададзены 5 заявак на аздараўленне работнікаў са скідкай больш за 25%.

ДРАЦ “Пціч” працягвае прымаць на аздараўленне дзяцей і аказваць паслугі насельніцтву. У цяперашніх умовах гэта патрабуе прыняцця пэўных мер. Вядзецца кантроль за станам здароўя работнікаў, скарэктаваны рэжымы руху і харчавання работнікаў. А таксама працягваецца аказанне матэрыяльнай дапамогі захварэлым. Пра гэта расказала Ірына Сцяпук.

Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сенька, якая прысутнічала на пасяджэнні ў якасці госця, заклікала прафсаюзных лідараў быць правай рукой кіраўніка ў сваіх арганізацыях у кантролі за выкананнем супрацьэпідэміялагічных патрабаванняў, каб папярэдзіць сітуацыю, калі рэзервы медыцынскіх устаноў будуць вычарпаныя.

– Прафсаюзным лідарам на месцах трэба ведаць, чым жыве кожны работнік, – акрэсліла задачы Святлана Сенька, пазначыўшы тэму апошніх палітычных падзей у краіне і планаваных змяненняў у Канстытуцыю. – Неабходна знайсці да кожнага індывідуальны падыход. Не дапусціць удзелу дзяцей у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Наша задача – не даць разваліць краіну. Таму і змяненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь трэба дасканала абмеркаваць у кожным працоўным калектыве. Бо ад змяненняў у гэты асноўны дакумент нашага грамадства будзе залежаць будучыня кожнага з нас.

Таксама намеснік старшыні райвыканкама выказала сваю пазіцыю ў пытаннях прыцягнення работнікаў да санаторна-курортнага адпачынку, арганізацыі экскурсійнай дзейнасці, у тым ліку з выкарыстаннем патэнцыялу аграэкатурыстычнага патэнцыялу нашага раёна.

Пастановамі ў ходзе пасяджэння былі таксама абазначаны задачы па выкананні рашэнняў Пленума Савета ФПБ і Праграмы дзейнасці ФПБ у разрэзе канкрэтных накірункаў, накіраванне ў абласное аб’яднанне прафсаюзаў ухвалкных Саветам прапаноў па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таксама шэраг задач па папулярызацыі аздараўлення і адпачынку членаў прафсаюзаў.