Прафсаюзы Петрыкаўшчыны правялі маніторынг кантрактнай формы найму

Па звестках раённага аб’ядання прафсаюзаў, зараз у Петрыкаўскім раёне па кантракце працуюць каля 70% ад агульнай колькасці работнікаў.

 

Праблематычнымі застаюцца пытанні вызначэння наймальнікамі мінімальнага тэрміну заключэння ці падаўжэння кантрактаў. Так, у КСУП “Капаткевічы” з 71% работнікаў кантракты заключаны ці падоўжаны толькі на 1 год, у ААТ “Агра-Ляскавічы” такіх кантрактаў – 79%, у Нацыянальным парку “Прыпяцкі”, Петрыкаўскім філіяле абласнога спажыўтаварыства, КУП “Петрыкаўкінамір” працэнт кароткатэрміновых кантрактаў складае ад 91 да 100.

 

У цэлым па раёне колькасць кароткатэрміновых кантрактаў складае 43%.

– У Працоўным кодэксе ёсць норма, згодна з якой прафсаюзы маюць права ўдзельнічаць у абмеркаванні умоў кантракту работніка, – паведаміла старшыня райаб’яднання прафсаюзаў Галіна Шчэрбак. – Гэта неабходна для таго, каб у кантракт былі абавязкова ўключаны гарантыі, якія прадстаўляюцца работніку працоўным заканадаўствам і калектыўным дагаворам.
Артыкулам 261-3 Працоўнага кодэкса прадугледжаны дадатковыя гарантыі занятасці для добрасумленных работнікаў, якія не дапускаюць парушэнняў вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны.
У адпаведнасці з нормамі гэтага артыкула наймальнік абавязаны з работнікамі, якія не дапускаюць парушэнняў дысцыпліны, падаўжаць кантракты да заканчэння максімальнага тэрміну яго дзеяння, калі работнік згодны, або на тэрмін, які хоча працаўнік.
Калі пайшоў другі пяцігадовы тэрмін, то з добрасумленным работнікам кантракт з яго згоды заключаецца адразу на 3 гады, а з тымі, хто мае, акрамя таго, высокі прафесійны ўзровень і кваліфікацыю, – на максімальны тэрмін.
У адпаведнасці з артыкулам 261-4 Працоўнага кодэкса наймальнік з пісьмовай згоды работніка, які не дапускае парушэнняў дысцыпліны і адпрацаваў у гэтага наймальніка не менш за пяць гадоў, пасля заканчэння тэрміну дзеяння кантракту мае права заключыць з работнікам працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін.
Гэта норма ўключана ў раённае пагадненне, сваё адлюстраванне яна павінна знайсці і ў калектыўных дагаворах прадпрыемстваў і арганізацый раёна.