З дапамогай прафсаюзаў працаўнікам прадпрыемстваў Петрыкаўшчыны вярнулі неданалічаныя заробкі

Сёлета ў раённае аб’яднанне прафсаюзаў звярнуліся за рознага роду дапамогай 22 жыхары раёна.

Абарона працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў грамадзян вызначана як асноўны абавязак прафсаюзаў. Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і кожным яе падраздзяленнем у раёнах вырашаецца мноства пытанняў, з якімі людзі звяртаюцца за дапамогай у спрэчных сітуацыях або проста за кансультацыямі ці падтрымкай.

 

Старшыня раённай організацыі прафсаюзаў Галіна Шчэрбак расказала, што большасць зваротаў, якія сёлета паступілі ў раённае аб’яднанне, тычыліся пытанняў недавыплаты ці несвоечасовай выплаты заработнай платы або іншых грашовых сум.

 

Пытанне неданалічэння заработнай платы да мінімальнага памеру агучылі ў час зваротаў работнікі аднаго з сельгаспрадпрыемстваў. Праверка адпаведнай дакументацыі, ініцыяваная старшынёй райаб’яднання прафсаюзаў, паказала неправамернасць такіх дзеянняў. Жывёлаводу была даплачана сума амаль 319 рублёў, а вартаўніку – 660 рублёў.

 

На гэтым жа прадпрыемстве ўзнікла спрэчныя сітуацыі па непаўнаце налічэння зарплаты яшчэ аднаму з вартаўнікоў. У ходзе праверкі таксама было высветлена, што з працаўніком быў заключаны дагавор падраду да снежня мінулага года. Яшчэ два месяцы ён працаваў без патрэбнага афармлення працоўных адносінаў. Хаця дакументальна было пацверджана, што яны адпавядалі працоўным – вёўся табель уліку працоўнага часу, налічвалася штомесяц зарплата.

 

Прафсаюзам былі накіраваны кіраўніку прадпрыемства рэкамендацыі па здзяйсненні выплат неданалічаных сум і афармленні працоўных адносін у адпаведнасці з заканадаўствам. І хаця своечасова рэкамендацыі не былі выкананы і вартаўніку было аказана садзеянне ў напісанні заявы ў камісію па працоўных спрэчках, у выніку грамадзянін атрымаў суму, якая была яму неданалічана – 559 рублёў.

 

Таксама пры садзеянні раённага аб’яднання прафсаюзаў былі станоўча вырашаны на розных прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу пытанні па несвоечасовых выплатах адзіначасовай дапамогі па нараджэнні дзіцяці і канчатковага разліку пры звальненні ў сувязі з прызывам ва Узброеныя Сілы, вяртання працоўнай кніжкі.

 

У маі паступіў калектыўны зварот ад работнікаў адной з устаноў сацыяльнай сферы. У ім значылася пытанне пра правамернасць дзеянняў кіраўніка ў прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці работнікаў у выглядзе вымоў і памяншэння надбавак да заработнай платы за невыкананне пэўных мер па дэзынфекцыі памяшканняў.

 

Пасля праверкі табеляў уліку працоўнага часу, службовых інструкцый і загадаў па асабовым саставе было зроблена заключэнне, што ў адносінах часткі трапіўшых пад спагнанне меры былі прыняты неабгрунтавана. 11 санітаркам дысцыплінарнае спагнанне было знята і кожнай вернута па 50 рублёў неправамерна знятых надбавак.

 

Тры звароты тычыліся дапамогі ў працаўладкаванні. Двое грамадзян былі працаўладкаваны, адно пытанне знаходзіцца на кантролі пасля арганізаванага субяседвання грамадзяніна і патэнцыйнага працадаўцы.

 

У кастрычніку ў раённае аб’яднанне прафсаюзаў зноў паступілі звароты, якія тычыліся нормаў Працоўнага заканадаўства пра ўлік працоўнага часу, налічэння мінімальнай заработнай платы і канчатковага разліку пры звальненні. Заяўнікам былі дадзены тлумачэнні.

 

ТРЭБА ВЕДАЦЬ

 

У артыкуле 133 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пазначана, што ў фактычна адпрацаваны час улічваецца перыяд выканання асноўных і падрыхтоўча-заключных работ (атрыманне нараду, матэрыялаў, інструментаў, азнаямленне з тэхнікай і дакументацыяй, падрыхтоўка і ўборка працоўнага месца, здача гатовай прадукцыі і іншае), а таксама прадугледжаныя тэхналогіяй адпачынкі. Не ўлічваецца час праезду ад месца жыхарства да месца пастаяннай працы ці пастаяннага збору і назад, час на дарогу ад прахадной да працоўнага месца, на пераапрананне і рэгістрацыю перад і пасля працы.

 

Мінімальная заработная плата – устаноўлены Саветам Міністраў штогод 1 студзеня ніжэйшы памер аплаты працы. Калектыўным дагаворам можа быць вызначаны і іншы памер месячнай МЗП, але не ніжэй усталяванай заканадаўствам.

 

Згодна з артыкулам 59 Працоўнага кодэкса, наймальнік абавязаны прымяняць мінімальную заработную плату ў якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў за працу ў нармальных умовах на працягу нармальнай працягласці працоўнага часу пры выкананні работнікам абавязкаў, пазначаных прававымі актамі і працоўным дагаворам.

 

Выплата мінімальнага ўзроўню зарплаты не прымяняецца да асоб, з якімі заключаны грамадзянска-прававыя дагаворы, а таксама да тых работнікаў, якія дапусцілі няякаснае выкананне абавязкаў, не выканалі ўстаноўленую норму ці парушылі працоўную дысцыпліну.

 

Артыкулам 78 Працоўнага кодэкса пазначана, што пры нявыплаце па віне наймальніка ў дзень звальнення прызначаных яму сум работнік мае права спагнаць з наймальніка сярэдні заработак за кожны дзень затрымкі, а ў выпадку нявыплаты часткі сумы – прапарцыйна нявыплачаным сумам. Пры звальненні ўсе выплаты адбываюцца не пазней дня звальнення. А калі ў дзень звальнення работнік не працаваў, то не пазней наступнага дня пасля патрабавання пра разлік.